Гародня: Дапамога Вітольду Ашурку



Валанцёры з Ліды прывезлі ў Гародню дапамогу для актывіста Вітольда Ашурка, якога ўтрымліваюць у СІЗА ў гарадзенскай турме.

Пра Вітольда Ашурка кажа валанцёрка Наталля Шарлак, якая дапамагае сям’і Вітольда.

– Цікавы тым, што ён стараецца дзеля захоўвання нашай спадчыны, аднаўляе спадчыну. Гэтым асабіста спадабаўся мне гэты чалавек. І тое, што ён шмат ведае, з ім цікава размаўляць. Гэты час, у якім мы зараз знаходзімся, вельмі непрыемны, таму што гэты чалавек знаходзіцца там, дзе не павінен знаходзіцца, бо ён быў такім буферам.

Па словах Наталлі, затрыманне Вітольда Ашурка было нейкай недарэчнасцю.

– Чаму ён там знаходзіцца? Нам сказалі, што ён там знаходзіцца, таму што інкрымінуюць яму заклік супраць улады. І прыцягваюць яго таксама за тое, што ён арганізоўваў гэтыя беспарадкі. Па-мойму, гэта зусім наадварот – ён арганізоўваў парадак. Дакладней, ён зусім нічога не арганізоўваў, будзем гаварыць так. Кожны ведаў за чым ідзе, чаго ідзе і куды. Усе ішлі за праўдай. За якой праўдай кожны з нас таксама ведае. Тое, што Вітольда затрымалі – нейкая падстава.

Вітольда Ашурка, вядомага актывіста з Бярозаўкі, затрымалі каля месяца таму, ён спачатку атрымаў 15 содняў па артыкулу 23.34, а потым яго перавялі ў гарадзенскую турму па крымінальным артыкуле 342. Пра дату суда над актывістам пакуль невядома.

Беларускае Радыё Рацыя