Гародня: Фэст VULITSA EZHA ператварыўся ў гарадскі пікнік (абноўлена)



На гарадскім пікніку пад назваю Vulitsa Ezha ў Гародні, які адбываецца 25 і 26 траўня 2019 года, магчыма паспрабаваць рознай незвычайнай ежы. Напрыклад, Уладзімір Рабкоў з Карэліцкага раёна прывёз на свята смоўжыкаў:

Мы вырошчваем смаўжоў. Прывезлі, каб людзі пакаштавалі іх і адчулі гэтую хвіліну асалоды, калі будуць іх есці. Вінаградныя смаўжы – гэта шырокае паняцце. Гэты від helix pomatia мы самі вырошчваем ад ікрынкі да максімальнай асобіны, якую мы і падаем вам тут.

На думку Арцёма Ракецкага, шэф-кухара кавярні-гасцёўні «Чэхаў» з Менска, жыхары Гародні на фэсце могуць паласавацца стравамі з незвычайнай беларускай кухні:

– Мы прывезлі на фестываль Vulitsa Ezha выключна беларускія прадукты. Напрыклад, гэта суп з хвастоў быкоў і хатняй локшынай, а таксама бліны з вяндлінай, курынай грудкай, згушчаным малаком і свежымі клубніцамі.

Фэст Vulitsa Ezha у Гародні, што адбываецца на пляцоўцы каля стадыёна «Нёман», скончыцца позна ўвечары 26 траўня вялікім канцэртам.

* * * 

Вялікі двухдзённы фэст VULITSA EZHA адбываецца ў Гародні на тэрыторыі, прылеглай да стадыёна «Нёман». Тэрыторыя застаўлена рознымі фудтракамі, для дзетак адкрытыя вялікія гульнявыя зоны, можна паглядзець кіно і пакаштаваць рознай вулічнай ежы.

Пра сёлетнія адметнасці фэсту ў Гародні распавядае Ягор Рытвінскі – стваральнік і ідэйны надхняльнік фэсту:

У гэтым годзе ў параўнанні з мінулым павялічыўся не толькі маштаб і разнастайнасць, але мы дабавілі новыя зоны, кінатэатры, кулінарную школу, вялікую дзіцячую зону, дадалі некалькі партнёрскіх лакацый. Папрацавалі з музычнай праграмай, і, канешне, павялічыўся фудкорт у параўнанні з мінулым годам. З Менска – працэнтаў 80 нашых удзельнікаў. З Гародні падцягнулася яшчэ некалькі цікавых фарматаў.

На думку гарадзенца, кіраўніка крамы “Кубік” Антона Янкоўскага, фэст VULITSA EZHA становіцца добрай традыцыяй:

Мы на VULITSA EZHA праводзім гульнятэку. VULITSA EZHA – гэта фестываль, на які мы ўжо ў Менск ездзім трэці год. Вельмі рады, што ён дабраўся да Гародні. Вельмі круты фестываль, дзе можна не толькі адпачыць і паесці, вельмі шмат смачных рэчаў у адным месцы сабраць, пагуляць, цудоўных музыкаў паслухаць. Гэта вельмі клёвы фестываль сучаснай Беларусі, які абавязкова трэба наведаць. Вельмі раю.

Фэст VULITSA EZHA сёлета мае і цікавую музычную частку. У першы дзень фэсту выступіў вядомы беларускі гурт AKUTE, а на другі дзень фэсту чакаецца выступ гуртоў “Прощай, привычка”, “Разбiтае сэрдца пацана” ды “Nikamuza”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня