Гародня: гідам не хапае свабоды, а турыстам – парковак



У бліжэйшы месяц у Гародні распачынаецца турыстычны сезон. Гарадзенцы падзяліліся сваімі спадзяваннямі адносна развіцця турыстычнага патэнцыялу горада.

Экскурсавод Аляксей Шота лічыць, што Гародні ў турыстычным патэнцыяле не хапае парковак і нацыянальнай кухні.

– Не хапае лагістычных рэчаў – гэта адэкватнай колькасці адэкватнага памеру парковак, бо зараз толькі адна. Трохі не хапае туалетаў, хоць з гэтым не так кепска, як было калісьці. Насамрэч не хапае месцаў, дзе можна было б, калі вялікі натоўп турыстаў, паесці сапраўды беларускай кухні за разумны кошт  з пэўным лакальным каларытам.  

На думку Сяргея Верамеенкі з крамы „Адметнасць”, Гародні не стае ў сваім патэнцыяле свабоды, а таксама сапраўднага “бязвізу”:

– У турыстычным патэнцыяле Гародні не хапае сапраўднай свабоды для прадпрымальніцтва. Каб турыстычныя фірмы, тыя людзі, якія займаюцца турыстамі, тыя ж экскурсаводы мелі свабоду для сваіх дзеянняў. Увогуле Беларусі не хапае сапраўднага бязвізу, які трэба зрабіць без часовага і тэрытарыяльнага абмежавання, хай людзі едуць, хай глядзяць, хай прывозяць грошы, калі гэта каму трэба.

Гародню па “бязвізе” наведвае вялікая колькасць турыстаў з розных краін свету, асноўную частку з якіх складаюць жыхары Літоўскай Рэспублікі, якія заязджаюць у горад на дзень –два, каб пабачыць цэнтр гораду і Аўгустоўскі канал.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня