Гародня і Друскенікі абмяркоўваюць вяртанне цягнікоў



За восем год Гарадзеншчына рэалізавала з літоўскімі партнёрамі транспамежных праектаў на 10 млн еўра. Зараз партнёры рыхтуюць праекты пабудовы асфальтаванай і асветленай веладарожкі ў Друскенікі, а таксама аднаўлення руху цягнікоў, расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Гародзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.

Праекты рыхтуюцца на конкурс новай праграмы транспамежнага супрацоўніцтва “Латвія-Літва-Беларусь” на 2016-2020 гады. У межах аналагічнай праграмы ў папярэдніх гадах быў створаны, між іншым, веламаршрут з Гародні ў Друскенікі з указальнікамі і пунктамі адпачынку, але без адмысловага пакрыцця.

Калі ж удасца аднавіць чыгуначны шлях паміж двума гарадамі, то на рэйкі выедзе адмысловы турыстычны цягнік, магчыма, з’явяцца незвычайныя станцыі і прыпынкі ў асабліва маляўнічых месцах.

Праблема ў тым, што чыгуначныя рэйкі пракладзены толькі да мяжы ў Літвой – з таго боку літоўцы разабралі іх у пачатку 2000-х (на фота вышэй), калі чыгуначны рух паміж краінамі спыніўся. Цяпер трэба не толькі адняўляць 7 км рэек, але і будаваць новы вакзал, бо ў старым зараз адзін з аб’ектаў турыстычнай інфрастуктуры, а на месцы рэек – кэмпінг.

Друскенікі

Сярод іншых праектаў, якія рыхтуюцца: развіццё паркавых зон сумесна з літоўскімі Бірштонасам, Алітусам і Друскенікамі, маркетынг і высокія тэхналогіі, прасоўвання турызму, павышэння кваліфікацыі гасцінічнага і рэстараннага персаналу.

„Твой стыль”