Гародня: Ігара Банцэра шукаюць міліцыянты
Гарадзенскага музыку і палітзняволенага Ігара Банцэра шукаюць міліцыянты.
Ігар здзіўлены тым, што яго пачалі па тэлефоне выклікаць у міліцыю:
– Супрацоўнік міліцыі не назваўся, сказаў, што тэлефануе з Ленінскага РАУСа, каб сказаць, што ў мяне нейкія неаплачаныя штрафы. Я сядзеў у турме і калі выйшаў з турмы ўдакладніў, што ў мяне няма ніякай запазычанасці перад дзяржавай. Тады ён сказаў мне пра забарону пакідаць горад. Спытаў: „Вы ж за мяжу не збіраецеся ехаць?” Размова была вельмі непрыемная. Ён сказаў, што мне трэба падысці. Я спытаўся, што значыць – падыйсці? А якая прычына?
Па словах Ігара, пасля тэлефанаванняў пад вокнамі памяшкання, дзе ён знаходзіўся, пачалі з’яўляцца міліцыянты і людзі ў цывільным:
– Пачалі нейкія дзіўныя „спадары” хадзіць пад вокнамі. Прыехала машына з Ленінскага РАУСа. У мяне нібыта нейкі неаплачаны штраф.
Ігар хвалюецца за сваё жыццё і мяркуе, што яго ў любы момант могуць затрымаць.
Нагадаем, што актывіст і музыка Ігар Банцэр, якога прызналі палітзняволеным, трымаў сухую галадоўку 16 дзён ў гарадзенскай турме, быў выпушчаны дадому пасля абвяшчэння прысуду 19 сакавіка 2021 года. Цяпер ён чакае перагляду справы ў абласным судзе.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня