Гародня: Ігара Банцэра выклікаюць у міліцыю
Гараденскага музыку і актывіста Ігара Банцэра выклікаюць у міліцыю праз тэлефон.
Сітуацыю каментуе сам Ігар Банцэр:
– Мне патэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі і запрасілі на размову ў міліцэйскі пастарунак на вуліцы Малышчанскай. Я нават не ведаю, дзе гэта, і чаму. Сказалі, што на месцы мне патлумачаць. Спытаўся: ці мяне не затрымаюць там? Мне сказалі, што ты нам не патрэбны. Сказаў: прабачце, але я не давяраю роднай міліцыі, я выклікаю свайго адваката і прыйду з адвакатам, таму што мяне выклікаюць па невядомай нагодзе, а потым я атрымаю за свой удзел за 16 жніўня ў маршы, за пазаўчорашнюю акцыю каля суда.
Музыка лічыць, што на яго аказваецца ціск з боку праваахоўных органаў.
– Яшчэ могуць нешта прыдумаць. Як памятаеце, Ежы Грыгенча зайшоў у Кастрычніцкі РАУС і не выйшаў. Паехаў на суд, а потым на 10 сутак. Таму пачынаю патроху хварэць паранояй, але ў наш час лепш сябе забяспечыць. Не ведаю, што там будзе адбывацца. Я лічу, што гэта кампанія ціску на мяне пачынаецца. Не прыемна, але я гатовы да гэтага. Што рабіць?
Музыку Ігара Банцэра пасля жнівеньскіх падзей ужо некалькі разоў затрымлівалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія не прадстаўляюцца і ходзяць у масках. Ён атрымліваў штрафы і арышт у ізалятары часовага ўтрымання ў Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя