Гародня: касацыю Ігара Банцэра не задаволілі



Гарадзенскі абласны суд не задаволіў касацыю актывіста і музыкі Ігара Банцэра, а самога актывіста нават не пусцілі ў залу судовага паседжання.

Кажа Ігар Банцэр:

– Я сёння ледзь паспеў на свой суд. Зайшоў, паказаў дакументы, рэчы з кішэняў, і незразумела чаму мяне не захацела ўпусціць супрацоўніца аховы. Гэты суд звязаны з канфліктам у краме на Ціміразева. Мяне там дрэнна абслугоўвалі, я папрасіў выклікаць кіраўніка крамы, а замест гэтага выклікалі ахоўніка. Ахоўнік выклікаў міліцыю. Даведаліся, што я Банцэр і арыштавалі мяне на 5 сутак.

Адвакат актывіста Аляксандр Берылаў каментуе адмову ў касацыйнай скарзе:

– Сянняшняя справа паказала, што чарговы раз прыцягнуты Банцэр Ігар Раманавіч. На мой погляд, у суда былі падставы прыйсці да высновы, што ў яго дзеяннях не было складу злачынства. Не было хуліганскага матыву ў яго дзеяннях. Але суд вырашыў такім чынам, што ён вінаваты. Таму пастанову пакінулі без зменаў, маю скаргу – без задавальнення.

Па словах Ігара Банцэра, ён ужо пачаў хвалявацца за сваё жыццё, бо цягам апошніх месяцаў яго ўжо тройчы затрымлівалі, прысуджалі яму адміністрацыйныя арышты ды вялікія штрафы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: Сяргея Апановіча