Гародня: кіно па правах чалавека



Трэці год запар у Гародні адбываецца паказ фільмаў па правах чалавека. Паказы ладзяцца ў межах міжнароднага Фестывалю дакументальнага кіно Watch Docs Belarus  і сёлета адбываюцца ў Цэнтры Гарадскога жыцця. Пра адметнасць сёлетняга фэсту распавядае арганізатарка з Менску Тацяна Гацура –Яворская:

— Паказваем 5 стужак: пра неафашыста з Чэхіі, пра фэйкі, якія ствараюцца ў расейскіх СМІ, украінская стужка «Ленінапад». У суботу вельмі важны дзень: прыедзе рэжысёр Анастасія Мірашнічэнка прадстаўляць свой фільм дэбют пра тэатр у гомельскай калоніі.

На думку Аляксея Шоты, гарадзенскага журналіста, які быў вядоўцам дыскусіі пасля фільма „Наш Новы Прэзідэнт” пра выбары ў ЗША, такія фэсты кіно цікавыя шырокаму колу гарадзенцаў.  

— Фестываль гэты адбываецца ўжо тры гады. Я бачу пастаянную цікавасць, яна дакладна не памяншаецца. Напэўна сюды ўсё ж такі прыходзяць людзі невыпадковыя, а тыя, што маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, цікавяцца палітычнымі навінамі і ўсімі феноменамі сучаснага грамадска-палітычнага жыцця. Таму ўсе стужкі фестывалю, хоць і маюць розную тэматыку, прыцягваюць людзей кожная па-свойму.

Пад час фэсту можна не толькі пабачыць кіно, пагутарыць з арганізатарамі, паўздзельнічаць у дыскусіі, але і сустрэцца з рэжысёрамі і даведацца шмат цікавых фактаў па абароне правоў чалавека.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня