Гародня: колькасць захварэўшых павялічваецца



За час Вялікодных святаў у Гародні колькасць захварэўшых на каронавірус павялічылася. Ужо вядомыя выпадкі,  што на Скідальскім рынку горада захварэлі 11 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі адміністрацыі рынку, аднак сам рынак не зачынены на каранцін.

Таксама ў вёсцы Квасоўка, што ў некалькі кіламетрах ад гораду, на вялікім сховішчы для яблыкаў захварэла некалькі працоўных, а ўсю брыгаду адправілі на самаізаляцыю.

Медыкі, якія працуюць  з хворымі на каронавірус у гарадзенскіх шпіталях і на хуткай дапамозе, дадаткова звярнуліся па дапамогу да валанцёраў, бо яны не забяспечаны ў патрэбнай колькасці сродкамі індывідуальнай абароны. На закупку сродкаў абароны для медыкаў арганізаваны збор на пляцоўцы МолаМола, дзе цягам апошняга тыдня сабрана амаль тры тысячы рублёў. За гэтыя грошы набываецца тканіна для вырабу халатаў, робяцца маскі для абароны лекараў, таксама закупаюцца бахілы і тканіна для вырабу адмысловых халатаў. Штодня валанцёры развозяць дапамогу па шпіталях гораду і дапамагаюць медыкам у маленькіх раённых шпіталях.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя,  Гародня