Гародня: кветкі і знічы ў памяць пра забітага мэра Гданьска (абноўлена)
У Гародні каля польскага консульства пачалі з’яўляцца першыя кветкі ды знічы. Іх у памяць пра забітага мэра Гданьска Паўла Адамовіча ўсклалі прадстаўнікі беларускіх грамадскіх арганізацый, журналісты і кіраўнікі палітычных партый гораду.
Распавядае журналіст, сябра БАЖ Дзяніс Івашын:
– Мы жывём тысячагоддзе бок аб бок з палякамі. У нас вялікая польская дыяспара ў горадзе. І наш рэгіён непарыўна звязаны з Польшчай на працягу шматлікіх стагоддзяў. Маем супольную гісторыю. Таму і не дзіўна, што мэр Гданьска меў карані адсюль – з Гарадзеншчыны… Аддаем даніну памяці выбітнаму польскаму грамадскаму дзеячу, палітыку, які таксама шмат зрабіў і для беларусаў. Гэта наша грамадзянская пазіцыя.
Для кіраўніка гарадзенскай абласной арганізацыі БХК Рамана Юргеля Павал Адамовіч – чалавек, які аказваў вялікую дапамогу Беларусі.
– Павел Адамовіч таксама выдатны чалавек, выдатны сябра Беларусі, беларускага народу. Яго карані паходзяць са Смаргоні. Ён шмат разоў наведваў і Гародню, і Наваградак, і Смаргонь, і іншыя гарады Беларусі, і аказваў шмат дапамогі як палітычна рэпрэсаваным, так і студэнтам, і іншым актыўным грамадзянам Беларусі. Таму светлая памяць, вечная памяць. Няхай зямля будзе яму пухам.
Паводле кіраўніка гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Міколы Саляніка, пра Паўла Адамовіча павінны памятаць не толькі палітыкі, але і простыя грамадзяне.
– Я лічу, што мы, як сябры, як суседзі, як жыхары Беларусі, якія жылі столькі гадоў разам у адной дзяржаве, павінны аддаць даніну памяці. Тым больш, што карані гэтага чалавека знаходзяцца ў нас, у Беларусі. Аддаем даніну памяці гэтаму чалавку, які загінуў на сваёй пасадзе. Гэта абавязак кожнага беларуса.
Нагадаем, 13 студзеня 2019 году падчас дабрачыннага мерапрыемства «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» прэзідэнт горада Гданьска Павел Адамовіч быў цяжка паранены і памёр 14 студзеня ў шпіталі.
Беларускае Радыё Рацыя