Гародня: людзі з інваліднасцю шыюць маскі



Людзі з інваліднасцю, што знаходзяцца пад апекаю гарадзенскага дзіцячага хоспіса імя Святога Губерта, займаюцца падчас каронавірусу пашывам марлевых масак.

Пра валанцёрскую працу распавядае каардынатар праекта па навучанні людзей з інваліднасцю, гарадзенскі дызайнер Святлана Пінчук:

– Працавалі тыдзень. У нас выйшла 45 масак. Мы перадалі ў Менск, у бальніцу, дзе лечацца ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Учора мы зрабілі 22 маскі за адзін дзень, за тры гадзіны працы, з 14-й да 17-й. Зараз падводзім вынікі працы сённяшняга дня.

На думку Святланы Пінчук, на заняткі людзей з інваліднасцю вельмі паўплывала сітуацыя з каронавірусам.

– Карэкцівы ўнесены ў сітуацыю ва ўсім свеце, таму мы тую працу, якая была запланаваная – падрыхтоўка падарункаў, сувенірная прадукцыя да Вялікадня, то яны проста забіраюць яе дамоў, робяць па вечарах. Для іх гэта не проста развіццё сваіх навыкаў, але і аддушына, таму што праца па пашыву маскі вельмі складаная для іх тэхнічна, і каб перагрузіцца і супакоіцца, яны адпачываюць, робячы зайчыкаў і курачак.

Валанцёры, што шыюць маскі ў гарадзенскім дзіцячым хоспісе, шчыльна супрацоўнічаюць з вялікай валанцёрскай камандай, сябрам якой можна стаць вельмі проста – праз тэлеграм канал.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча