Гародня: месяц валанцёрскага пачыну



З пачатку красавіка ў Гародні дзейнічае валанцёрскі пачын дапамогі медыкам гораду і вобласці.

Пра яго справы распавядае адзін з каардынатараў Вадзім Саранчукоў:

– За гэты час шмат чаго атрымалася зрабіць. Мы запусцілі тэлеграмаўскі чат, дзе збіраюцца і гуртуюцца валанцёры. Наладзілі камунікацыю з менскім цэнтральным апаратам кампаніі BYCOVID19. Фактычна ўсе медустановы Гародні атрымалі хаця б маленькую, але дапамогу. Мы рассылаем дапамогу фактычна па ўсёй вобласці.

Вадзім Саранчукоў упэўнены, што дапамога трапляе ў розныя кропкі Гарадзеншчыны.

– Я думаю, хутка гэта будуць усе райцэнтры, якія ёсць. Учора адпраўлялі ў Ліду, Слонім. Адпраўляем у Свіслач, Масты, Ашмяны, Карэлічы, Дзятлава. Думаю, хутка будзе не ўзгадаць, куды даехалі нашыя пасылкі. Стараемся па магчымасці закрываць тыя заяўкі, якія ёсць на сёння.

Далучыцца да валанцёраў у Гародні вельмі проста – праз тэлеграм-канал ці прыйшоўшы ў „Цэнтр гарадскога жыцця” на Кірава, 3. А дапамагчы гараденскім медыкам можна праз пляцоўку МолаМола.

Беларускае Радыё Рацыя