Гародня: музыку абвінавачваюць у перавозцы незалежнага выдання



Гарадзенскага музыку, вакаліста гурта Pet Nihil Юрыя Лакціёнава міліцыянты за знойдзеныя ў багажніку аўтамабіля газеты “Гродненское время” абвінавачваюць па артыкулу 22. 9 адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Хлопца гвалтоўна затрымалі яшчэ ў снежні 2020 года, пры затрыманні яму закруцілі рукі і надзелі кайданкі, невядомыя ў цывільным крычалі, што “працуе Алмаз” (Спецыяльнае падраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам).

Пасля затрымання, у хлопца на працы зрабілі дагляд, а дома – ператрус:  

– У пратаколе я пазначыў, што знайшоў гэтыя газеты. Яны пазначылі, што інвалідам не з’яўляецца, дзяцей на ўтрыманні няма. Я напісаў, што інвалідам з’яўляюся, паказаў сваё пасведчанне. Яны яго ў мяне забралі і пачалі казаць, маўляў, гэта падробка.

Апроч гэтага ў хлопца забралі яго аўтамабіль і мабільныя тэлефоны. Юры спрабуе законнымі шляхамі вярнуць сабе канфіскаваную тэхніку.

– Можа ўжо прадалі, але павінна быць яшчэ недзе там. Мне яшчэ нічога не вярнулі. Адвакат мне паведаміў, што напісалі, маўляў гэтыя рэчы канфіскаваны для забеспячэння аплаты штрафу. Па закону яны маглі канфіскаваць максімум на 50 базавых, якія яны мне прад’явілі. То бок маглі забраць тэлефоны, бытавую тэхніку дома апісаць. Але машыну не мелі права канфіскоўваць, аднак яны яе канфіскавалі. Прычым я напісаў хадайніцтва аб вяртанні машыны, прыклаў медычныя дакументы, што мне машына патрэбная для перамяшчэння.

Пасля затрымання хлопцу стала кепска і яго забрала хуткая дапамога. У шпіталі, куды яго прывезлі пасля здачы аналізаў, было выяўлена, што ён хворы на COVID-19. Кантактамі першага ўзроўню Юры Лакціёнаў назваў супрацоўнікаў РАУС і людзей у цывільным, якія яго затрымлівалі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча