Гародня: незвычайныя арт-аб’екты каля дзіцячага хоспіса



Пляцоўку каля дзіцячага хоспіса ў Гародні ўпрыгожылі незвычайныя арт-аб’екты – фігуры жывёлаў з Чырвонай кнігі, размаляваныя гарадзенскімі мастакамі.

Пра ініцыятыву распавядае кіраўніца дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка:

– Да нас прыйшла такая добрая ідэя спалучыць гарадзенскі дзіцячы хоспіс з Чырвонаю кнігаю. Зрабіць гэта на дзіцячы лад. Таму мы выбралі сем жывёлаў з Чырвонай кнігі Беларусі. І даручылі нашым мастакам, нашым добрым сябрам, каб яны размалявалі, паказалі, як яны бачаць гэтыя арт-аб’екты з пункту гледжання сваёй творчасці.

Пра свой арт-аб’ект распавядае мастачка Вольга Букоўка:

– З гэтага праекту мне дасталася рысь. Гэтая жывёла мне падабаецца. Яна таямнічая, драпежная, з характарам. Я адлюстравала на ёй горада у тумане, як палюе яна позна ўвечары ці на золаку. Мне неяк так уявілася гэтая праца. Так я яе і выканала.

Мастакі спадзяюцца, што іх творы будуць радаваць не толькі дарослых, але і дзетак, якімі апякуецца гарадзенскі дзіцячы хоспіс.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня