Гародня: новая хваля затрыманняў (абноўлена)
* * *
На другі дзень пасля выбараў пасля абвешчанага збору а 19-й гадзіне гарадзенцы не могуць патрапіць у цэнтр гораду.
У Гародні, нягледзячы на жорсткія дзеянні міліцыі і затрыманні, людзі ладзяць стыхійны пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Распавядае праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:
-У Гародні ўсё ж такі працягваюцца стыхійныя акцыі пратэсту. Зараз дастаткова шмат людзей сканцэнтравалася ля Чыгуначнага вакзала. Думаю, чалавек 400- 500, а можа нават болей. Машыны бесперастанна сігналяць. Невялікую групу пагналі АМАПаўцы. Відаць, будзе перадыслакацыя тэхнікі і хапун людзей. На акцыі стыхійна сабралася моладзь. Яна апладзіруе, скандуе :”Беларусь!”
* * *
Што адбываецца ў Гародні распавядае наш карэспандэнт Сяргей Апановіч:
– У Гародні ля Старога моста пачаліся затрыманні. Дзясяткі людзей бягуць па вуліцах Гарнавых і Гагарына ад АМАПаўцаў. Людзі з розных раёнаў горада пачалі сцякацца да Старога моста. Першыя сутычкі адбыліся каля Гарадзенскай філармоніі, дзе сабралася каля 50-70 чалавек. Стары мост перакрыты ў раёне “Прыёрбанка”, туды не пускаюць нікога. Затрымліваць там пачалі больш за дзве гадзіны таму. Цяпер там стаяць міліцэйскія “ўазікі” і бронетранспарцёры.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня