Гародня: OLDCity дапамагае медыкам



Гарадзенскі гандлёвы цэнтр OLDCity далучыўся да дабрачынных акцыяў у дапамогу медыкам.

Пра ініцыятыву гандлёвага цэнтра распавядае яго маркетолаг Сяргей Іваноў:

– На пачатку красавіка на фасадзе гандлёвага цэнтра мы зрабілі незвычайны перформэнс, якім мы падзяквалі медыкам усяго свету на розных мовах, з выкарыстаннем розных сцягоў. Зараз мы аказваем канкрэтную дапамогу, мы кормім медыкаў. Мы звярнулі ўвагу на другую гарадскую лякарню, дзе таксама ёсць ужо пацыенты з каронавірусам.

Сяргей Іваноў кажа, што  кропкі харчавання, якія месцяцца ў гандлёвым цэнты, цяпер кормяць гарадзенскіх медыкаў.

– Мы вырашылі з нашымі арэндатарамі агульнахарчу арганізавацца, зкааперавацца. Мы высветлілі ў галоўнага лекара колькі медыкаў працуе ў змену, і возім туды абеды – усё гарачае, усё запакаванае, стэрыльнае. Кур’еры давозяць да лякарні і пакідаюць на прахадной, там забіраюць і нясуць лекарам. Недзе каля гадзіны да другой у лекараў перазменка, адпачынак, вось у гэты час мы і дастаўляем абеды.

Па словах Сяргея Іванова, медыкі даволі прыязна ставяцца да такой дапамогі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча