Гародня: падарункі і зніжкі да Дня роднай мовы
Гарадзенская крама „Кубік” і кампанія „А4” ў Дзень роднай мовы рабіла падарункі ў выглядзе гульні „Мова”.
Распавядае адзін са стваральнікаў гульні Антон Янкоўскі:
– У гэтым годзе мы вырашылі зрабіць падарункі людзям. Тым, хто хоча вучыцца беларускай мове, прагне размаўляць. Для дзетак выдзелілі шэраг асобнікаў гульні “Мова. Буслік. Горад” і ўсім жадаючым прапаноўвалі такія падарункі. Спадзяемся, што гэта будзе добры падарунак, каб пачаць гуляць, размаўляць, знаёміцца з настолкамі, з мовай. Ну і нагадваем, што ў нас ёсць цэлая серыя настольных гульняў. Большасць з іх на беларускай мове. Магчыма камусьці яшчэ нешта спадабаецца. Заходзьце, зробім нават зніжачку.
А гарадзенскі журналіст Руслан Кулевіч з рэдакцыяй Hrodna.life зрабілі зніжкі на кнігі ўспамінаў гарадзенцаў.
Кажа Руслан Кулевіч:
– За два гады мы выдалі дзве кнігі на беларускай мове. І адмыслова на Дзень роднай мовы кнігі можна набыць са зніжкай. І шмат людзей прыйшло. І самае выдатнае, што прыйшло шмат моладзі і замовілі кнігі. Вельмі прыемна.
Да Дня роднай мовы ў Гародні адбыліся таксама беларускія дыктоўкі і ў дзяржаўных навучальных установах горада.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча