Гародня: падтрымайма “рублём” Ігара Банцэра
Ігар Банцэр, музыка й грамадскі актывіст, звярнуўся праз сацыяльныя сеткі па дапамогу.
Музыку няма за што жыць і ён доўгі час праз сваю грамадзянскую пазіцыю не можа знайсці сабе працу.
Кажа Ігар Банцэр:
– Мне банальна няма за што жыць – гэта праўда жыцця. Тры гады я не магу знайсці нармальную працу ў Беларусі, таму што ў мяне радыкальная пазіцыя і „чорныя спісы” існуюць. Я працаваў як музычны тэхнік, як арганізатар музычных мерапрыемстваў. У нас гастрольныя пасведчанні, цэнзура, КДБ, таму вельмі цяжка працаваць нават банальна тэхнікам – пераключаць гэтыя кабелі на канцэрце немажліва, таму што ўсё забараняюць, калі ты не афіляваны з уладамі.
Па словах музыкі, ён у цяжкі для краіны час мае таксама праблемы ў сям’і, бо жонка баіцца за дзяцей:
– У такі момант вельмі жорсткай напругі ўнутры грамадства, калі адбываюцца ўсе гэтыя падзеі гістарычныя, у мяне ў жыцці адбываецца трагедыя мая асабістая. Мая жонка баіцца за жыццё нашых непаўнагадовых дзетак. І я вельмі добра яе разумею. Маёй дачцы 10 год, сыну – 8. Я іх інфармую пра тое, што адбываецца, не паказваю самыя жорсткія відосы, але інфармую.
Дапамагчы Ігару Банцэру магчыма праз рахунак, а таксама праз PayPal. Да дапамогі музыку далучыліся яго фанаты з розных краін свету, а таксама музыкі з гарадзенскага гурта Dzieciuki.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня