Гародня: паклёпы ў бок Руслана Кулевіча працягваюцца
У бок незалежнага журналіста з Гародні Руслана Кулевіча дзяржаўная прапаганда разгарнула інфармацыйную вайну. Пра тое, што робяць дзяржаўныя прапагандысты, распавядае рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота:
– Прапагандысты з беларускага тэлебачання не перастаюць атакаваць нашага журналіста Руслана Кулевіча. Выйшаў некалькі дзён таму такі фільм “Протест наизнанку» – нібыта дакументальнае кіно ад агенцтва тэлевізійных навін. Яго паказалі на БТ, на ОНТ і на ўсіх дзяржаўных тэлеканалах. І гэта ўжо быў чацвёрты раз, калі пра Руслана ўзгадалі. Учора, наколькі я ведаю, таксама ўвечары ў прайм-тайм на БТ ізноў паказалі. Увесь гэты час той самы сюжэт, кароткі фрагмент, яны прычапіліся да яго рук, што нібыта ні адна костка не была зламана. І круцяць гэтую тэму проста бясконца.
Аляксей Шота таксама падзяліўся станам здароўя Руслана, які больш за месяц знаходзіцца па-за працай рэдакцыі ў сувязі з тым, што падчас адной з акцый журналіст быў затрыманы і моцна збіты амапаўцамі:
– Руслан адчувае сябе ўжо значна лепей. Рукі больш-менш функцыянальныя. Ён працуе пакуль дыстанцыйна яшчэ з дому. У полі не працуе, як раней. Трохі хоча адпачыць. Да канца верасня мы яму далі напалову адпачынак, каб ён працаваў у лайт-рэжыме. І ўжо з кастрычніка вернецца ў нашы шэрагі ў нармальную штодзённую працу.
Рэдакцыя выдання працуе у звычайным рэжыме, аднак колькасць навінаў на яе старонцы зменшылася з-за адсутнасці на працы “самага хуткага” гарадзенскага журналіста Руслана Кулевіча.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня