Вольга Верамеенка: Так і не патлумачылі, чаму забіралі тавар з „Пагоняй”
Пасля 72 гадзін зняволення выйшла на свабоду Вольга Верамеенка. Гарадзенку Вольгу Верамеенку затрымлівалі ў чацвер, 3-га чэрвеня, з АМАПам і следчай групай. Маліцыянты ўварваліся ў краму “Адметнасць”, каб забраць рэчы з нацыянальнай сімволікай.
Што адбывалася далей распавядае Вольга Верамеенка:
Вольга Верамеенка: Пачалі забіраць рэчы з выявай “Пагоні”, чырвона-белых колераў. На маё пытанне: а калі забаранілі “Пагоню”?, ён адказаў, што яна яшчэ не забаронена і наўрад ці яе забароняць, гэта вялікі гістарычны пласт. Тады я не зразумела, чаму ў мяне гэта ўсё забіралі. Забралі таксама тавары з надпісам “Каліноўскі”. Таксама забралі ляльку-гаспадыню, ёсць у нас такая лялька. Яны сказалі, што яна бела-чырвонага колеру. На гэты час я не магу сказаць, колькі і якога тавару забралі, але вельмі шмат, рознага, і не толькі з выявай “Пагоні”.
РР: Пасля гэтага, я так разумею, яны забралі вас і павезлі дадому. Ці яшчэ нейкія дзеянні адбываліся?
Вольга Верамеенка: Пасля вобшуку ў краме яны мне паведамілі, што павязуць мяне дахаты, каб я сабрала рэчы, і будуць мяне затрымліваць да 3 сутак. Потым заехалі дахаты і ўзялі рэчы для турмы. Потым мяне доўга афармлялі ў РАУС. Каля 11-й гадзіны вечара мяне падвезлі да турмы. Там таксама мы доўга чакалі, можа каля гадзіны. Нас туды не пускалі. У камеры я была каля 11.30 вечара. Бо я праз паўгадзіны, калі лягла, то пачула, што 12 адбіў на вежы касцёлу гадзіннік.
РР: Якія адчуванні былі ў камеры? Я ведаю, што вы былі ў некалькіх камерах. Што было ў першай камеры?
Вольга Верамеенка: Увогуле такія адчуванні як у турме. Мне адразу сказалі, што ад 6-й раніцы да 10-й гадзіны вечара я здам свой матрац і буду толькі гуляць, стаяць, дыхаць паветрам, разглядаць сцены ў цвілі. Вывадзілі мяне з камеры ў кайданках, у нейкіх старых, каваных, не сучасных бліскучых. Наконт бытавых умоваў. У мяне з сабой была папера і тое, што мне было трэба. Калі я звярнулася па сродкі гігіены, то мне не адмовілі. Мне прынеслі сродкі гігіены. На наступны дзень сняданка ў мяне чамусьці не было. Я так разумею, там усё па калорыях, па грамах падлічана. Бо зранку мне нічога не прынеслі. І толькі пакінулі мне абед.
Цалкам размова:
Па словах Вольгі Верамеенкі за кратамі ў яе адбыўся гіпертанічны крыз, і нават ужо праз суткі пасля выхаду з-за кратаў жанчына адчувае сябе вельмі кепска і збіраецца легчы на абследаванне.
Беларускае Радыё Рацыя