Гародня перажыла моцную залеву (абноўлена)



Пасля апошняй залевы жыхарам і камунальнікам Гародні дадалося турботаў. Асобныя аб’екты, якія былі адрамантаваныя пасля папярэдняй залевы, здавалі іспыт на трываласць.

Пра традыцыйную няздатнасць ліўневых сістэмаў у цэнтры горада выказаліся гарадзенцы:

– Гэта лішняя нагода падумаць пра тое ці правільна мы ўсё пралічваем і робім. Залева  паказала слабыя месцы ліўнёўкі, асабліва на Віленскай, ліўнёўкай гэтай не займаліся, а займаліся заладжваннем дзірак. Ну і што, праз два тыдні ў тым жа самым аб’ёме гэтую дзірку трэба будзе зноў заладжваць.

– Ліўневыя воды ідуць аж туды ўніз у Гараднічанку, разліваюцца, прайсці практычна немагчыма, калі ты патрапляеш у момант гэтай залевы.

– У мяне здарылася так, што карбюратар заліла. Я быў вымушаны разуцца і па калена ў вадзе стаяў і праціраў сухой анучай карбюратар, бо заліла размеркавальную каробку.

З-за кепскай ліўнёўкі ў рэкі ператварыліся падчас залевы вуліцы Каліноўскага, Соламавай, Паповіча, Савецкіх памежнікаў, Пралетарская і БЛК.  Як заўважаюць рамонтнікі пераезда на вуліцы 17-га верасня, новая вадасцёкавая труба забяспечыла вывад вады па рэчцы Юрысдыкі.

* * *

Пасля некалькіх спякотных дзён у Гародні напярэдадні прайшоў моцны дождж з градам. Залева доўжылася не болей гадзіны, аднак горад літаральна заліло.

Як паведаміла прэс-сакратар гарадзенскага аддзялення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Наталля Жывалеўская, ніхто з людзей не пацярпеў, але матэрыяльныя страты і шкоды – значныя:

-Для ліквідацыі наступстваў стыхіі было задзейнічана 6 адзінак тэхнікі выратавальнікаў і 31 адзінка тэхнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Работнікамі МНС праведзена адкачка вады ў дзіцячым садку па вуліцы Вольгі Соламавай, у Каардылагічным дыспансеры па вуліцы Болдзіна, мастацкай галерэі па вуліцы Тызенгауза, а таксама прыватных падворкаў і 4 прыватных падвалаў. Ля вёскі Галавачы прадстаўнікі МНС распілавалі дрэва, якое ўпала на праезджую частку. На вуліцы Ласосна ў Гародні дрэва ўпала на прыватны жылы дом.

Зараз у цэнтры Гародні вядуцца рамонтныя працы па вуліцы 17 верасня, дзе непасрэдна на вуліцы ўтварылася вялізная яма. Сіноптыкі не выключаюць буйных ападкаў і сёння, аднак заўтра мае пахаладаць да 24 градусаў, і ападкаў не прагназуецца.

[Not a valid template]

Кастусь Бандарук, Беларуске Радыё Рацыя

Фота Якуба Сушчынскага