Гародня: подпісы за Ціханоўскую
Збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Гародні адбываўся ў самым цэнтры горада на Савецкай плошчы цягам дзвюх гадзінаў. Асноўнымі падпісантамі былі людзі ўзросту 30+, у асноўным тыя, хто карыстаюцца сучаснымі сацыяльнымі сеткамі.
Гарадзенцы кажуць, што прыйшлі, каб аддаць свае подпісы:
– Я лічу, што задача кожнага асвятляць і перадаваць людзям, дзе праходзіць збор подпісаў, таму што рэальна гэта вельмі слаба асвятляецца.
– Я не толькі за Ціханоўскую, а за ўсіх хто, скажам так, будзе апазіцыйным кандыдатам. Можам збіраць подпісы за ўсіх. Як яно будзе на выбарах – пабачым. Таму што я пажыў у гэтым жыцці, я галасаваў калісьці за Зянона Пазняка, у 1994 годзе. Усе вы разумееце, калі я галасаваў за Пазняка, якія мае ідэі.
– Наўрад ці атрымаецца вось так адразу штосьці памяняць, але сваю актыўную пазіцыю людзі павінны праяўляць. Павінны паказваць, што ёсць актыўныя людзі ў Беларусі, якім неабыякавыя лёсы свае і дзяцей. Трэба штосьці рабіць і актыўна сябе праяўляць, а не проста плыць па плыні, якая невядома куды прывядзе.
Цягам дзвюх гадзінаў было сабрана амаль дзве сотні подпісаў і перашкодай у зборы стаў моцны дождж, які разагнаў вялікую чаргу гарадзенцаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча