Гародня: працэс па справе палітвязняў перанесены
У Гародні адбыўся другі дзень працэсу па „справе Ціханоўскага”.
Змітра Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу пачалі судзіць у судзе Кастрычніцкага раёну Гародні яшчэ 18 студзеня. Іх вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак: Разнічэнку і Кнігу таксама ў гвалце над міліцыянтамі.
Пра працэс распавядае грамадскі актывіст Сяргей Верамеенка:
– На сённяшнім пасяджэнні па справе палітвязняў: Кнігі, Разнічэнкі і Фурманава, усе тры палітвязні былі завезеныя ў залю суда і дапытаныя. Гэта быў працяг допыту Змітра Фурманава. Павінен быў быць сведка з боку абвінавачання – гэта міліцыянт Казлоўскі, але ён не з’явіўся. Было такое кароткае пасяджэнне, у выніку яго перанеслі на 28 чысло.
Зміцер Фурманаў быў затрыманы 29 траўня 2020 году на Савецкай плошчы ў Гародні. Яго забралі разам са сталом, за якім ён збіраў подпісы.
Увесь час з траўня 2020 гэтыя трое гарадзенцаў знаходзяцца за кратамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча