Гародня: “Права выбару” навучае быць назіральнікамі



У Гародні адбываюцца трэнінгі для назіральнікаў кампаніі “Права выбару”. Дзясяткі чалавек рознага сацыяльнага статусу і ўзросту ідуць, каб даведацца, як стаць назіральнікамі кампаніі.

Пра першыя вынікі трэнінгаў кажа прадстаўнік кампаніі па Гарадзеншчыне Сяргей Верамеенка:

– Людзі прыходзяць розныя – ад самых маладых, да людзей пенсійнага ўзросту. Бачна, што ёсць зацікаўленасць грамадзян у тым, як праходзіць гэты выбарчы працэс, як праходзіць галасаванне. Я спадзяюся, што яны змогуць усё ж такі паўплываць на тое, як будзе праходзіць працэс.

На думку гарадзенцаў, што хочуць стаць назіральнікамі ўпершыню, – гэта магчымасць пабачыць выбарчы працэс і кантраляваць яго:

– Увогуле сітуацыя, якая зараз адбываецца, мяне не пакінула абыякавай. Асабліва, калі пачалі праз дзяцей, праз жанчын ціснуць і ўцягваць, у прынцыпе, нас у палітыку. Я чалавек апалітычны, але я супраць таго, што адбываецца зараз у Беларусі.  

– Мне ўсё гэта надаела – усё вельмі проста. Надаела гэтая палітычная сістэма ў краіне.

– Я не абыякавая да таго, што адбываецца. І хачу максімальна зрабіць штосьці, каб змяніць да лепшага нашае жыццё.

Кампанія „Права выбару” хоча накіраваць назіральнікамі на выбары – 2020 у Гародні больш за сотню чалавек, каб “закрыць” амаль усе выбарчыя ўчасткі горада.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча