Гародня: прэс-сняданак ад хоспіса
Гарадзенскі дзіцячы хоспіс, каб падвесці вынікі 10-годдзя сваёй дзейнасці, правёў адмысловы прэс-сняданак для гарадзенскіх журналістаў. За 10 год працы прадстаўнікі хоспіса прынялі ўдел і правялі ў горадзе сотню розных мерапрыемстваў, каб азнаёміць гарадзенцаў з той дапамогай, якую аказвае хоспіс цяжкахворым дзеткам.
Пра адметную гісторыю арганізацыі кажа яго дырэктарка Вольга Вялічка:
– У 2008 годзе да мяне прыйшлі дзве матулі з цяжкахворымі дзецьмі і прапанавалі зрабіць арганізацыю для таго, каб дапамога цяжкахворым дзецям у Гародні была эфектыўнай. З таго пачаўся хоспіс. Мы сабралі людзей, якія сказалі, што могуць дапамагчы. І ў нас у штаце было два чалавекі і на той момант восем дзяцей. Прайшло дзесяць год. Сёння мы маем восем чалавек у штаце і ў нас 86 дзяцей – 86 сямей, якія знаходзяцца пад апекай. І гэта сем’і, якім мы аказваем дапамогу.
Па словах Вольгі Вялічкі, нават праз 10 год сваёй працы яны сутыкаюцца з рознымі праблемамі:
– Галоўная праблема ў тым, якім чынам зрабіць аказанне сацыяльных паслуг на новым роўні. Для нас гэта такі выклік на 2019 год. Мы б хацелі гэты год, 2018, завяршыць з тым, што мы распрацуем тры новыя сацыяльныя паслугі. Вельмі спадзяёмся, што нам гэта ўдасца, і спецыялісты з усёй краіны змогуць выкарыстоўваць нашыя напрацоўкі.
Прадстаўнікі хоспіса яшчэ цягам 2018 года прадставяць гарадзенцам свае новыя праекты, якія на іх думку будуць цікавыя жыхарам Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня