Гародня развіталася з кампазітарам Яўгенам Петрашэвічам
Гарадзенцы развіталіся з беларускім кампазітарам, паэтам Яўгенам Петрашэвічам. У апошні шлях прыйшлі праводзіць яго прадстаўнікі творчых саюзаў, хораў, ансамбляў, установаў культуры.
Кажа адзін з былых удзельнікаў дзіцячага ансамблю „Гарадзенскія дударыкі” Андрэй Шыдла:
– Гэта не быў чалавек, які сядзіць на адным месцы. Заўсёды было нешта цікавае. Вандровак было вельмі-вельмі шмат. Па Беларусі – безьліч, па Гародні – амаль усюды. Ён заўжды нас разнастайна зацікаўліваў, каб не адно толькі музыка, не адно толькі народнае. На нейкія выставы цягнуў, яшчэ некуды. Мы таму знаёмыя і з некаторымі гарадзенскімі мастакамі і разбярамі, шмат-шмат людзей таленавітых, з кім ён нас пазнаёміў, гэта было неверагодна цікава.
Ён быў выдатным педагогам, як заўважаюць яго вучні. Яўген Петрашэвіч пакінуў пасля сабе вялікую музычную спадчыну. Цэлыя нізкі тэматычных твораў ён прысвяціў беларускай гісторыі, прысвячаў многія творы асобным харавым калектывам і аркестрам. Пахаваны маэстра на гарадзенскіх могілках „Сакрэт”, што на праспекце Касманаўтаў.
[Not a valid template]Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара