Гародня: рэдактара гарадскога парталу выклікалі ў міліцыю



Рэдактара гарадзенскага выдання Hrodna.life Аляксея Шоту ўвечары 20 ліпеня выклікалі ў міліцыю, каб ён забраў канфіскаваную раней тэхніку.

Пра свой паход ў міліцыю кажа Аляксей Шота:

– Некалькі тыдняў таму я напісаў ліст кіраўніку Ленінскага РАУС Карпушкіну пра тое, што хачу, каб мне вярнулі тэхніку, вынятую з офісу Hrodna.life яшчэ 29 студзеня. Паколькі той першы суд ужо прайшоў, уступіў у сілу, мы заплацілі штраф і нам павінны вярнуць тэхніку. І яны, згодна з законам, дзякуй нашай міліцыі, выклікалі мяне, каб аддаць тэхніку. Там я даведаўся, што друкаваная прадукцыя Hrodna.life – часопісы, календары – былі знішчаны. А тэхніку вярнулі: пяць фотаапаратаў, дрон.

Па словах журналіста, яго таксама ў міліцыі чакала неспадзянка:

– Мяне выклікае пракурор горада Клішын. Мяне завялі адразу ў пракуратуру, дзе пракурор мне вынес папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закону. Мелася на ўвазе парушэнне закону аб СМІ, а таксама аб  недапушчальнасці парушэння артукула 361 – гэта артыкул „аб нанясенні шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі”. Ён такі складаны, у тым сэнсе, што незразумела пра што ён насамрэч. Любое дзеянне можа ў нас лічыцца “нанясеннем шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі”. Такое папярэджанне, маўляў, не працуйце. Калі будзеце працаваць – будзе кепска.

Журналіст упэўнены, што рэдакцыя будзе працаваць далей, аднак захоўваць розныя меры бяспекі, у тым ліку сачыць за каментарамі ў сацсетках, каб не атрымаць новы штраф.

Беларускае Радыё Рацыя