Гародня: шахты ў Салігорску – на курсах «Мова Нанова»



У Гародні на курсах «Мова нанова» размаўлялі пра шахты і здабычу калійнай солі ў Салігорску, госцем гарадзенскіх курсаў быў шахцёр Глеб Сандрас. На яго думку, соль – гэта тое, за кошт чаго папаўняецца беларускі бюджэт:

– Шахты – гэта соль беларускае зямлі, гэта тое, што корміць і забяспечвае нас. Безумоўна, не толькі салігорцаў, але і беларускі бюджэт, дзякуючы чаму мы і існуем. Гэта, безумоўна, наш гонар, тое, чым мы мусім ганарыцца. Соль ад лацінскага слова, што азначае сонца. Соль утвараецца менавіта дзякуючы сонцу: вада выпарваецца і з’яўляецца соль. Таму я калісьці сказаў, што Салігорск – гэта горад сонца і солі. То бок гэта горад сонца ў такім квадраце.

Глеб Сандрас упэўнены, што здабыча солі – галоўнае, на чым трымаецца горад Салігорск:

– Каля чатырох тысяч чалавек задзейнічана на падземных прафесіях. Прадпрыемства «Беларуськалій» – гэта каля 17 000 горных інжынераў, бухгалтараў ды іншых. Безумоўна, гэта вялікая машына, горадаўтваральнае прадпрыемства.

Наступным госцем на курсах «Мова Нанова Гародня» будзе музыка Сяргей Доўгушаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча