Гародня: шпіёнскае кіно з пагоняй за міліцэйскай машынай



Гарадзенскую грамадскую актывістку Алену Сахарчук, якая 6 сутак адседзела ў Ізалятары часовага ўтрымання за ўдзел у акцыях Ціханоўскага, міліцыянты вывезлі дадому. А грамадскім актывістам прыйшлося ехаць за міліцыяй, каб даведацца куды павезлі актывістку.

Кажа адзін з актывістаў Сяргей Верамеенка:

– Мы каравулілі, як у сапраўдным шпіёнскім фільме, выхад нашай паплечніцы Алены Сахарчук. Як бачым, улады зноў працягваюць дзейнічаць баязліва. Яны людзей вывозяць, не проста выпускаюць. Я лічу, што гэта самае сапраўднае злачынства, гэта пазбаўленне волі. То бок чалавек адсядзеў свой тэрмін, роўна тое ж самае, што было са мной, яго павінны выпусціць, ён павінен пайсці туды, куды ён захоча. Добра, дзякуй Богу, што  адвезлі хоць дахаты, а не куды-небудзь за горад.

Алена Сахарчук вельмі радая, што ёй удалося патрапіць дадому. Яна апісвае ўмовы, у якіх ёй давялося быць:

– Нармальныя ўмовы. Усё нармальна.

РР.: Вас выпусцілі, прывезлі дахаты. Як вы лічыце, гэта незаконна?

– Паняцця не маю.

РР.: Якое вашае пачуванне, што вы адчуваеце пасля гэтага тэрміну?

– Добра, што ўсё скончылася.

За ўдзел у стрымах Ціханоўскага ў Гародні былі затрыманыя пяць чалавек, за кратамі застаюцца Аляксандр Лаўрэнцьеў, якому прысудзілі 9 сутак, а таксама Юры Шока, які выйдзе з-за кратаў 15 траўня.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча