Гародня: штраф “за бел-чырвона-белыя нагавіцы” пакінулі ў сіле



Актывістка Любоў Сарлай у абласным судзе Гародні спрабавала абскардзіць сваё затрыманне й штраф за тое, што яе затрымалі ў цэнтры гораду,  калі яна гуляла ў нагавіцах з бел-чырвона-белымі лампасамі.

Па словах дзяўчыны, суддзя Раманоўскі спачатку яе слухаў, а потым пакінуў у сіле прысуд суддзі Руслана Гурына ў памеры 20 базавых велічыняў:

– Уважліва слухаў, пазначаў, нават нейкія моманты глядзеў у матэрыялах справы. А пасля выйшаў, прыйшоў, сказаў і сышоў. Гэта ўжо пяты суд і трэці суддзя, які здаецца слухае, адэкватна ўсё ўспрымае, а пасля абвяшчае несправядлівае рашэнне.

Гарадзенка лічыць гэтае рашэнне помстай за яе пазіцыю:

– Усё магчыма. Калі параўноўваць, тая суддзя, якая мяне апраўдала, яна таксама глядзела фота- і відэафіксацыю. І яна, упэўніўшыся, прыняла адэкватнае рашэнне.  Справядлівае і сумленнае. А тут адзін і другі суддзя разглядалі фота- і відэафіксацыю з вулічных камер. І несправядліва, не па законе прынялі рашэнне.

Па словах Любові Сарлай, з’язджаць з Беларусі яна не збіраецца, і будзе далей па інстанцыях абскарджваць рашэнне гарадзенскіх суддзяў.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня