Гародня: штраф за распаўсюд газеты “Гродненское время” пакінулі ў сіле
У Гарадзенскім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі музыкі і актывіста Юрыя Лакціёнава, якога суд Кастрычніцкага раёну Гародні пакараў штрафам за распаўсюд газеты “Гродненское время”.
Суддзя Валеры Раманоўскі пакінуў рашэнне папярэдняй інстанцыі ў сіле, і цяпер актывіст мусіць сплаціць штраф 22 базавыя велічыні.
Пра тое, што адбывалася ў суддзе, кажа Юры Лакціёнаў:
– Пералічыў усе парушэнні супрацоўнікаў міліцыі і папрасіў спыніць адміністрацыйную справу ў адносінах да мяне і пастанову раённага суда адмяніць. Мною былі знойдзены парушэнні, не ведаю, хто зрабў змены ў пратаколе, проста ручкай дапісалі артыкул, па якім мяне дадаткова асудзілі. Паведаміў суду, што я напісаў заяву ў СК, папрасіў дадаць да спарвы дыск, на якім былі запісаны скрыншоты.
Гарадзенец збіраецца далей падаваць скаргі ў інстанцыі, каб дамагчыся адмены судовага рашэння:
– Пачакаем матывацыйную частку абласнога суда. Буду далей пісаць скаргі ўжо на Раманоўскага.
РР: Ці будзеце падаваць у вышэйшы суд, у еўрапейскія інстанцыі?
– Так, пакуль не адменяць гэтае рашэнне.
Юрыя Лакціёнава пакаралі штрафам па вядомым “журналісцкім” артыкуле 22.9 Адміністрацыйнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь і ён вельмі здзіўлены, бо па гэтым артыкуле пакаранне ў выглядзе штрафа павінна несці юрыдычная асоба ці рэдакцыя нейкага СМІ.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: Сяргея Апановіча