Жорсткія затрыманні ў Гародні (абноўлена)
Затрыманні, прычым жорсткія, адбываюцца ў Гародні, паведамляе праваабаронца Віктар Сазонаў:
– Сталі затрымліваць аўтамабілістаў, якія сігналілі, і проста выцягвалі іх з машын. Затрымлівалі для праверкі дакументаў нашых актывістаў Максіма Губарэвіча, Вадзіма Саранчукова. Стала вядома, што вельмі жорстка затрымалі гарадзенскага журналіста Руслана Кулевіча разам з жонкай, і праўдападобна, што яго моцна збілі. А групы моладзі адцясніліся ад цэнтра і сталі збірацца ў спальных раёнах. На Дзевятоўцы быў хапун, моладзь вельмі жорстка затрымлівалі. Людзей затрымлівалі там нават у “Еўраопце”. Таксама вядома пра затрыманні ў Лідзе. Прыйшлі звесткі, што ў Гародні – віцебскі АМАП, а частку гарадзенскага АМАПу перадыслакавалі ў Ліду.
* * *
У Гародні сілавікамі ўжо перакрыта значная частка горада. У нас на сувязі гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў:
– Сёння перакрытая ўдвая большач тэрыторыя горада, чым учора. Са скрыжавання вуліцы Церашковай да аўтавакзала не прапускаюць машыны. Асабліва кантралюецца парк Жылібера. Ён мае некалькі атачэнняў аховы. Людзі ўжо збіраюцца ў спальных раёнах. Нават ходзяць чуткі, што збяруцца на Фолюшы. Бо ў цэнтр горада нават мыш не можа праскочыць. На дарогах супрацоўнікі ДАІ ў бронежылетах. Сёння людзі, якія выходзілі з турмы, аплаціўшы штрафы, расказвалі, што іх учора затрымлівалі супрацоўнікі сілавых структур, якія мелі вельмі нетыповы для Гарадзеншчыны акцэнт. Яны размаўлялі занадта чыста па-расейску. Яны былі яўна з іншых рэгіёнаў, калі не з самой Расеі. Менавіта гэта можа патлумачыць такую жорсткасць разгона пад Гая людзей і пад ІЧУ. І людзі гавораць, што яны вельмі кепска арыентаваліся ў горадзе. Што сведчыць пра тое, што тут чужакі. Пакуль не было чуваць пра затрыманні. Людзі не могуць нідзе сабрацца.
Як стала вядома, у Гародні затрыманы і збіты журналіст і музыка Алесь Дзянісаў. Яго прывезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Як паведамляе БАЖ, у яго разбіты твар, пашкоджаная нага.
Збіты ўчора журналіст Ян Роман звярнуўся ў лякарню. Акрамя выбітых зубоў у яго зламаны нос і костка твару. Каля вока – агромністая гематома.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня