На акцыю ў Гародні сабралася каля 20 тысяч чалавек



Чарговы вечар у Гародні на пратэстным мітынгу прайшоў пад знакам рашучасці працоўных ісці на больш радыкальныя меры ў агульнанацыянальным страйку.

Дзясяткі прадпрыемстваў падтрымліваюць галоўнае патрабаванне пратэстоўцаў – адстаўка ўзурпатара, адхіленне яго ад улады. Каталізатарам для пратэстаў, на думку прадстаўніка страйкаму „Гродна Азота” – горадаўтваральнага прадпрыемства, было садысцкае абыходжанне з людзьмі міліцыянтаў падчас фальсіфікацыі выбараў:

– Гвалтоўна біць людзей на вуліцах. У спальныя раёны прыязджала машына людзей у масках і проста збівалі тых, хто знаходзіўся на вуліцы. І тых, хто не паспеў збегчы. Вось гэта, відаць, і падштурхнула ўвесь народ падняцца, таму што гэта самае апошняе, што можа быць, калі не важна хто – прэзідэнт, дыктатар яшчэ нехта – губляе чалавечае аблічча.

Азотаўцы не выключаюць кардынальнага страйку – калі бесперарыўны працэс вырабу азотных угнаенняў будзе спынены. Паводле назіранняў працоўных, упартасць узурпатара пакінуць уладу рэальна прымусіць гарадзенцаў спыніць вытворцасць. Гэта можа выклікаць, тэарэтычна, тэхнагенную катастрофу.

Трэба мяняць дэпутатаў, каб быць у рамках закона і пазбавіць Лукашэнку ўлады праз Нацыянальны Сход! Такую прапанову агучыла на агульнагарадзенскім мітынгу прафесар, доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сяльверстрава:

– Улада належыць народу праз дэпутатаў. Значыць, нам трэба працаваць з нашымі дэпутатамі. Пакуль на іх не звяртаюць увагі. Гэта руцінная праца. Спрабуем па сваёй акрузе, але крыху цяжка ідзе. Мы павінны патрабаваць. Наша права – патрабаваць, а не прасіць. У выпадку, калі не захочуць выканаць наш наказ, як выбаршчыкаў, дэпутат, паводле дэпутацкай этыкі, мусіць скласці з сябе абавязкі.

Для гэтага яна прапануе ў сваіх раёнах, дварах аб’ядноўваць людзей для сустрэчы са сваімі – паводле тэрыторыі – дэпутатамі і вымагаць ад іх выканання наступнага: адстаўка Лукашэнкі, звальненне кіраўнікоў сілавых структур і пачаць крымінальныя справы супраць іх, звальненне і прыцягненне да крымінальнай адказнасці Цэнтаральнай выбарчай камісіі.

Калі дэпутат не выконвае патрабаванняў – то адхіліць „дэпутата-прыкарытніка”, паводле пераканання прафесаркі, у экстрэмальнай сітуацыі,  можна звыклым сходам выбаршчыкаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * *

На чарговую мірную акцыю сабралася  больш за 10 тысяч чалавек. Тут праходзіць вялікі мітынг-канцэрт, падтрымаць гарадзенцаў прыехаў Лявон Вольскі.

Людзі збіраюцца на Плошчы Леніна . 

Тысячная калона рабочых прадпрыемства „Гродна Азот” прыйшла ў цэнтр горада. Яны ішлі з воклічам: „Жыве Беларусь!”

Тут сёння чакаецца вялікі канцэрт.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча, Ладзіка Майніча і Якуба Сушчынскага