Гародня: справу супраць музыкі Ігара Банцара спынілі
У Гародні суд Ленінскага раёна спыніў дзіўную адміністрацыйную справу ў адносінах да музыкі, лідара панк-гурта “Mister X” Ігара Банцара.
Ігар Банцар увечары 27 сакавіка беспадстаўна быў затрыманы міліцыяй каля аднаго з гарадзенскіх бараў. Па версіі міліцыі, Банцар нібыта з хуліганскіх памкненняў ламаўся ў дзверы кавярні “Hot Fix”, перашкаджаў працы ўстановы і імкнуўся распачаць бойку з адным з наведнікаў кавярні.
Музыка быў здзіўлены нават адкрыццём справы ў адносінах да яго:
– Міліцыя прыехала. Трэба было кагосьці забраць. І працягвалася 20 хвілін высвятленне таго, што было і чаго не было. І замест таго, каб сказаць: добра, прабачце, разыходзімся па хатах, да мяне падышлі міліцыянты і забралі. Я дасюль не ведаю за што. Звязваю гэта толькі з тым, што мы жывём у такой дзяржаве. Мой досьвед – Польшча, Германія, краіны Заходняй Еўропы, там паліцыя проста б не прыехала, бо не было нейкага факту, нейкай сітуацыі, якая б патрабавала ўмяшальніцтва праваахоўных органаў. У нашай краіне ж бачыце, як гэта працуе.
Ігар Банцар збіраецца падаваць позву на дзеянні міліцыянтаў, каб яны зладзілі службовую праверку па фактах незаконных дзеянняў сваіх супрацоўнікаў і збіраецца падаваць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў ў пракуратуру.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня