Гародня стала бязвізавай на 10 дзён: што зменіцца



З пачатку 2018 году тэрмін бязвізавага знаходжання замежнікаў у Гародні павялічыўся з 5 да 10 дзён, апроч гэтага тэрыторыя, дзе магчыма адпачываць турысту, павялічылася на ўвесь Гарадзенскі раён. Турысты таксама могуць прыехаць у Гародню самалётам і цягніком.

Якія гэта прыносіць плюсы для гарадзенцаў, кажа кіраўнік самай старэйшай ў горадзе турыстычнай фірмы “Спадарожнік” Аляксандр Старыцын:

– У горадзе з’явіліся дадатковыя магчымасці для арганізацыі гэтага знаходжання. З’явіліся дадатковыя хостэлі, рэстараны. Свае меню напісалі на некалькіх мовах. То бок зрабілі для замежнага турыста нашыя кропкі харчавання больш даступнымі. 10-ці дзённы тэрмін дае нам магчымасць расшырыць геаграфію нашых турыстычных маршрутаў, будзем мець магчымаць паказаць цікавыя мясціны ўсяго Гарадзенскага раёна. Напрыклад, сёння можам звазіць на радзіму Элізы Ажэшкі.

Пра адметнасць 10-ці дзённага “бязвізу” ў Гародні кажа Уладзімір Піскун, прадстаўнік фірмы “Таксапарк”.

– 10-ці дзённы тэрмін, канешне, дазваляе ўжо атрымліваць нейкія паслугі дадатковыя, напрыклад, медыцынскага кшталту, або нейкія іншыя паслугі, для якіх патрэбна больш часу. Хутчэй за ўсё будзе значна большая заахвочанасць у нашых суседзяў для таго, каб наведаць нашу краіну.

Гарадзенская фірма “Таксапарк” была адной з лідараў па прыняццю “бязвізавых” турыстаў, і па словах прадстаўніка фірмы, асноўнымі былі турысты з Літвы і Польшчы. За год “бязвізу” Гародню і ваколіцы наведалі больш за 50 тысяч турыстаў з 66 дзяржаваў свету.

Беларускае Радыё Рацыя