Гародня стала цэнтрам падлеткавай нарказлачыннасці
Гародня стала цэнтрам падлеткавай нарказлачыннасці Прынёманскага рэгіёна.
Пра гэта сведчаць дадзеныя абласной пракуратуры, з якіх вынікае, што за 7 месяцаў бягучага года па лініі наркакантролю зафіксавана 41 злачынства, 28 з якіх – у горадзе над Нёманам.
Апошнім часам статыстыка нарказлачынстваў узрасла ў некалькі разоў, чаму прычынай не ў апошнюю чаргу стаў дэкрэт прэзыдэнта №6 “Аб неадкладных захадах па супрацьдзеянню пазазаконнага абароту наркотыкаў”, такой думкі прытрымліваецца адна з ініцыятараў ставарэння грамадскай арганізацыі незаконна асуджаных за распаўсюд наркотыкаў Тамара Гусейнава:
– Вельмі шмат маладзёнаў прыцягваецца па артыкуле 328. Калі ўжо чалавек трапляе ў поля зроку па гэтым артыкуле, то мэта правасуддзя „ўкатаць на поўную катушку”. Хаця прэзідэнт, калі стваралі Следчыя камітэты, казаў зусім адваротнае: “Працуйце, расследуйце, але я вас прашу не крыўдзіце людзей”. Не, следства рые, каб даць як мага большы тэрмін.
З пазазаконным абаротам наркотыкаў звязана кожнае пятае злачынства, якое здзяйсняюць на тэрыторыі Гарадзеншчыны непаўнагадовыя. У сувязі з гэтым абласная пракуратура выступіла ініцыятарам правядзення акцый па запалохванню падлеткаў, ахвочых да распаўсюду наркотыкаў і спайсаў – у вобласці будуць праводзіцца і шырока асвятляцца ў прэсе паказальныя арышты і выязныя суды.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня