Гародня: Стары Замак у Гародні зачыняецца
У Гародні ў сувязі з перабудовай Старога Замку на рэканструкцыю зачыняецца экспазіцыя гісторыка-археалагічнага музея.
Гісторык Андрэй Вашкевіч адмыслова для ўсіх жадаючых правёў настальгічную экскурсію, якая распавядала пра экспазіцыю і пра знаходкі, што знаходзяцца ў гэтым музеі.
– Тое, што цяпер звязана з закрыццём Замка, яно, канешне, звязана з тым, што, па-першае, павінны праводзіцца шырокія даследчыя работы, звязаныя з падрыхтоўкай да праекту і пабудовы другой чаргі замка. Канешне, гэта ўсё-такі стварае пэўную небяспеку для людзей, якія там ходзяць. Прынята рашэнне замак зачыняць. Як будзе далей – невядома. Паводле ўсіх планаў праектаў, тут павінна быць экспазіцыя, якая даходзіць да часоў Баторыя, можа быць і пазней.
На думку гісторыка, збудзецца мара работнікаў музея, якія працуюць у Новым Замку.
– Здзяйсняецца мара музейных работнікаў, бо ўжо 30 гадоў цягнецца, каб Новы Замак цалкам быў музеем. Канешне, тут ёсць праблема, бо тут не толькі экспазіцыя, тут яшчэ і фондаў вельмі шмат, вельмі шмат рэчаў, экспанатаў. Будзе весціся праца.
Сярод амаль паўсотні гарадзенцаў, якія прыйшлі на экскурсію, былі гісторыкі і журналісты, грамадскія дзеячы, а таксама навучэнцы з адной з гарадзенскіх гімназій.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча