Гародня ставіць рэкорды па турыстах
З пачатку году Гародню і Гарадзенскі раён наведалі звыш 36,5 тысяч бязвізавых турыстаў, і гэта ўдвая больш, чым за аналагічны леташні перыяд.
Асабліва турыстычная плынь была заўважная ў доўгія травеньскія святы, калі рэгіён наведалі 3900 бязвізавых турыстаў, што стала рэкордным паказчыкам з пачатку ўвядзення бязвізавага рэжыму. У лідарах застаюцца грамадзяне Літвы і Польшчы, а таксама Латвіі і Нямеччыны. Як кажа гарадзенскі экскурсавод Міхал Нарынкевіч, варта думаць пра тое, як заахвоціць турыстаў прыехаць у Гародню другі і трэці раз:
– То бок ужо амаль уся Літва і палова Польшчы прыехалі да нас у Гародню на экскурсіі. Яны ўжо былі на агляднай экскурсіі па горадзе, бачылі наваколлі Гародні. Каб прыехаць наступны раз, патрэбна нейкая падзея ці трэба пашыраць рэгіён. У першую чаргу файна, каб уключылі Шчучын, можа, Наваградскі раён.
Міхал Нарынкевіч адзначыў цікавую адметнасць: турысты з Расеі, прыязджаючы на захад Беларусі, спадзяюцца пабачыць адметнасць гэтага рэгіёну і пачуць беларускую мову:
– І калі з імі пачынаеш размаўляць на беларускай мове, то ім вельмі гэта падабаецца. І вось было б вельмі добра, нават з камерцыйнага пункту гледжання, каб была беларуская мова, і каб на ёй праводзіліся нейкія святы. Нават была такая ідэя – зрабіць вуліцу з сувенірнымі крамамі, кавярнямі, дзе размаўлялі б выключна на беларускай мове.
Раней паведамлялася, што разглядаецца магчымасць пашырэння межаў бязвізавай зоны на Гарадзеншчыне. Акрамя таго, ёсць ідэя аб’яднання двух рэгіёнаў – Гарадзенскага і Берасцейскага – у адну зону бязвізу. “Гэта, канешне б, спрыяла далейшаму развіццю турыстычнага руху ў нашым рэгіёне”, – заўважае Міхал Нарынкевіч.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Гродно 24