Гародня: суд над рэдактарам Hrodna.life



У судзе Ленінскага раёна Гародні 16 сакавіка 2021 года пачнуць судзіць журналіста Аляксея Шоту за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Сам Аляксей даведаўся пра суд выпадкова:

– Мне патэлефанавалі з суда, паведамілі, літаральна 30 секунд была размова, што заўтра на 14.30 выклікаюць мяне на суд як фізасобу, як прадстаўніка медыя Hrodna.life, нашай фірмы. Па вось гэтым артыкуле 17.11 КаАП пра распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Больш нічога не сказалі.

Судзіць журналіста будзе суддзя Наталля Козел, якая ўжо дзесяцігоддзямі судзіць журналістаў і актывістаў, а азнаёміцца са справай журналісту сёння не далі:

– Прыехаў у суд, каб паглядзець матэрыялы справы, сфатаграфаваць, аднак аказалася, што ў судзе нарада і ўсе суддзі занятыя, таму суддзя не падпіша рэзалюцыю. Я не магу паглядзець сваю справу, толькі заўтра раніцай. Даведаўся, што толькі суддзя – Козел.  Гэта вядомы чалавек у Гародні, ужо хіба і 20 гадоў таму яна ўжо судзіла палітычных. Таму я не чакаю добрага выніку. Насамрэч хацелася б, каб хутчэй гэта скончылася, бо ў нашай сітуацыі зразумела, што нас аштрафуюць.

Нагадаем, што 29 студзеня 2021 года ў рэдакцыі Hrodna.life міліцыянты правялі агляд, падчас якога канфіскавалі тэхніку, выдадзеныя рэдакцыяй календары і часопісы.

Агляд правялі без супрацоўнікаў рэдакцыі ў прысутнасці амапаўцаў. Паводле ч2. арт.17.11 КаАП рэдакцыі пагражае штраф памерам да 500 базавых велічынь (14 500 рублёў), а таксама канфіскацыя прадметаў учынення правапарушэнняў. Рэдактару таксама пагражае штраф да 50 базавых велічынь (1450 рублёў).

Беларускае Радыё Рацыя