Гародня: „Цэнтр Пара” працуе без перапынкаў



Гарадзенскі „Цэнтр Пара”, які дапамагае дзецям і дарослым хворым на анкалогію, вырашыў не рабіць перапынкаў і не сыходзіць на самаізаляцыю.

Пра працу цэнтра распавядае намесніца дырэктара Ганна Шыкуць:

– Мы займаемся ўсім тым, што рабілі да гэтага, гэта наша невялічкае дасягненне. Усе праекты ў дзіцячым, у дарослым накірунку мы пакінулі, мы не сышлі. Наведваем штомесяц дзіцячы анкацэнтр, наведваем гарадзенскі хоспіс для дарослых на базе трэцяй больніцы. Штомесяц з верасня 2019 года мы хадзілі ў анкадыспансер – жаночае аддзяленне №2. З сакавіка гэтыя паходы ў нас скараціліся, ужо іх няма, мы прыдумляем новыя формы.

Па яе словах, у сувязі з каронавірусам з’явіліся іншыя патрэбы:

– Што датычыцца каронавіруса і канкрэтных патрэбаў, то мы не кінуліся рабіць маскі ці халаты, бо гэта патрабуе валанцёрскіх рук і нейкіх намаганняў. Мы адгукнуліся на такую параду супрацоўнікаў дзіцячага анкацэнтра, якім патрэбны антысептык. Яны сказалі, што патрэбна 100 літраў на тыдзень на ўсю больніцу. Гэта дзяржаўная ўстанова, ім выдзяляецца, але не трэба забываць, што дзіцячы анкацэнтр мае асаблівасці, там знаходзяцца дзеці і заўсёды побач з імі жыве хтосьці з бацькоў.

Прадстаўнікі цэнтра разам з гарадзенцамі сабралі 330 літраў антысептыка і перадалі іх у Бараўляны, такім чынам яны закрылі патрэбы цэнтра на 3 тыдні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча