Гародня: Ці з’явіцца дзіцячая пляцоўка па адрасе Рэпіна 43?



Жыхары дома №43 па вуліцы Рэпіна правялі супольны сход з прадстаўнікамі ЖЭС №15. Асноўнай праблемай з’яўляецца адсутнасць дзіцячай пляцоўкі.

Пра сустрэчу кажуць жыхары дома:

– Хацелі дабіцца ад ЖЭСа, каб яны нам зрабілі пляцоўку, бо ў нашым пад’ездзе на дадзены момант пражывае 24 дзіцяці розных узростаў. Адпаведна гуляюцца каля дома, разбіраюць асфальт, ёсць міні-пясочніца.

– Прадстаўнік ЖЭСа рэагаваў на сваім узроўні. Сцвярджае, што не маюць фінансавання. Для таго, каб зрабіць дзіцячую пляцоўку ім трэба чакаць пакуль яны ўнясуць гэта ў свае сметы, якія будуць разглядацца толькі ў раёне 20-га лістапада. Адпаведна ў гэтым годзе нам нічога не свеціць.

– Праявілі ініцыятыву, прыйшлі сюды, але без адказу. На ўсе пытанні яны адказвалі толькі тым, што ў іх няма грошай, яны не маюць магчымасці. 

На думку гарадзенскага грамадскага актывіста Ігара Банцара, падобныя сустрэчы патрэбныя не толькі жыхарам, але і прадстаўнікам ЖЭСа:

– Жыхары дома №43 звярнуліся да нас у грамадскую ініцыятыву „Гародня” з просьбай вырашыць праблему з дзіцячай пляцоўкай. Мы дабіліся сустрэчы са старшынём ЖЭС №15, які адказваў на пытанні жыхароў. Меркаванні жыхароў падзяліліся: хтосці хацеў хутчэй, хтосці не. Прынамсі мы цяпер дачакаемся афіцыйнага адказу, які дасць начальнік ЖЭСа. На падставе гэтага адказу будзем глядзець, якія крокі прымаць далей.

Прадстаўнікі ЖЭСа адмовіліся ад каментароў, аднак паабяцалі бясплатна прывезці машыну пяску, калі жыхары самастойна зробяць дзіцячую пляцоўку.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня