Гародня: у Гарадзенскі інфекцыйны шпіталь даставілі гуманітарны канвой
Вялікі гуманітарны канвой з Польшчы прывёз у Гарадзенскі абласны інфекцыйны шпіталь сродкі дэзінфекцыі, ахоўныя маскі.
Пра падрабязнасці дастаўкі ў Гародню распавядае капітан Галоўнай камендатуры пажарнай службы Якуб Січэк:
– Мы разам тут у супрацы з фундацыяй міжнароднай Салідарнасці і з польскім урадам. Падтрымліваем іх у гэтай дзейнасці. Мы тут, каб даставіць транспарт з рознымі ахоўнымі сродкамі для грамадзян Беларусі, у тым ліку з антыінфекцыйнымі сродкамі, ахоўнымі маскамі і таксама лекамі. Калі казаць пра Гародню, то мы сюды прывезлі каля 7,5 тысяч літраў раствораў для дэзінфекцыі, 25 тысяч масак. Астатнюю частку груза мы даставім у Менск.
На думку галоўнага лекара гарадзенскага інфекцыйнага шпіталя Сяргея Ціхановіча, гэтая дапамога – вельмі своечасовая.
– Дапамога, якая паступіла з Польшчы, яна пойдзе на апрацоўку боксаў і памяшканняў, дзе знаходзяцца пацыенты з каронавіруснай інфекцыяй, а таксама для абароны медыцынскага персаналу ад заражэння каронавіруснай інфекцыяй. Я хачу сказаць, што пандэмія каронавіруса закрыла межы, але яна аб’ядноўвае людзей. І гэтая дапамога, якая сёння паступіла ў Гарадзенскую вобласць, яна вельмі своечасовая і мы яе скарыстаем для змагання з каронавірусам.
Па словах Сяргея Ціхановіча, Гародня пакуль на апошнім месцы сярод абласных цэнтраў па заражэнні на каронавірус, і ў абласным шпіталі знаходзіцца крыху больш за 100 пацыентаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча.