Гародня: у справе Сяргея Калмыкова абвешчаны перапынак



У Судзе Ленінскага раёна Гародні адбываецца адміністрацыйны працэс па справе Сяргея Калмыкова. Маладзёна абвінавачваюць па артыкуле 17.1 Кодэкса Адміністрацыйных правапарушэнняў (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). 

Сяргей Калмыкоў быў затрыманы 29 траўня, калі ў Гародні быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі. Пра свае справы распавядае Сяргей Калмыкоў:

– Я збоку назіраў. Да мяне падышлі супрацоўнікі міліцыі, супрацоўнікі АМОНу ззаду, не бачыў хто менавіта. Мяне пацягнулі ў бок аўтобуса. Я не супраціўляўся, проста спытаў – па якой прычыне, за што? Ніхто нічога не сказаў. Перад гэтым на мяне паказаў адзін з супрацоўнікаў АМОНу, каб мяне забралі. На самой справе я ні крычаў, ні сварыўся матам.

За тым, што адбываецца ў судзе, сочыць праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:

– Паказанні абодвух сведкаў – прадстаўнікоў міліцыі – вельмі супярэчлівыя. Нездарма нават суддзя пастанавіла перанесці разгляд справы ў звязку з супярэчлівымі паказаннямі і сведчаннямі першага сведкі Клыжука, хоць сведчанні другога сведкі былі яшчэ больш дзіўнымі і супярэчлівымі. Сведка Лычагін спярша агучыў маты, якімі нібыта сварыўся Калмыкоў, а потым сказаў, што не чуў гэтых матаў.

У судовым паседжанні, якое вядзе суддзя Ларыса Барэль, абвешчаны перапынак да пятніцы 19 чэрвеня 2020 года.   

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: Сяргея Апановіча