Гародня: улады хочуць закрыць пляцоўку, дзе валанцёры шыюць камбінезоны медыкам
Гарадзенскія валанцёры, што займаюцца пашывам камбінезонаў для медыкаў, могуць застацца без пляцоўкі, якую прадаставіў пад працу валанцёраў дзіцячы хоспіс імя Святога Губерта.
Пра праблему распавядае дырэктарка хоспіса Вольга Вялічка:
– Да мяе падышла галоўная лекарка паліклінікі, і мы спрабавалі вырашыць, якім чынам знайсці не кансэнсус, а кампраміс, каб яны маглі зрабіць чыстую і брудную зоны. І для мяне было вялікім здзіўленнем, калі ў хоспіс прыйшоў намеснік галоўнага лекара Цэнтральнай паліклінікі. Гаворка ішла не пра тое, якім чынам зрабіць чыстую і брудую зоны, каб былі задаволеныя ўсе, а гаворка ішла пра тое, што будуць напісаныя нейкія лісты.
Дызайнерка Святлана Пінчук, што кіруе валанцёрамі ў дзіцячым хоспісе, таксама мела размовы з кіраўніцтвам паліклінікі:
– Ва ультыматыўнай форме вельмі настойліва параілі закрыць вытворчасць і пераехаць у больш зручнае, па іх меркаванні, памяшканне. Гэта была жорсткая рэкамендацыя, якую мы не можам нават абмяркоўваць, што ім гэтае памяшканне больш важнае, чым нам. Нам было прапанавана пераехаць у памяшканне, дзе нізкая столя, няма добрай вентыляцыі, дрэннае асвятленне. Чым мне гэтае памяшканне яшчэ не падабалася, тым, што яно выходзіць на агульны калідор, дзе будуць хадзіць з тых жа чыстай і бруднай зонаў.
Цягам месяцу валанцёры, што працуюць у хоспісе, пашылі каля 700 камбінезонаў для гарадзенскіх медыкаў. Таксама частку камбінезонаў атрымала і дзіцячая паліклініка, дзе хоспіс арэндуе памяшканне.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча