Гародня: улады ўзгадалі крымінальнае мінулае кандыдата



На адной з выбарчых акругаў Гародні з’явіліся афіцыйныя ўлёткі кандыдата ад АГП Ігара Банцара, дзе пазначана, што той быў судзімы ў 90-я гады ХХ стагоддзя. Ігар Банцар лічыць пазначэнне свайго “крымінальнага” мінулага ціскам гарадскіх уладаў на яго як незалежнага кандыдата.

– Усё што было са мной 26 гадоў таму, гэта ўжо гісторыя, гэта не пераробіш. Яшчэ неведома, як сябе павялі б у той сітуацыі людзі, якія мяне крытыкуюць. Калі я быў у 2010 годзе кандыдатам, пра гэта ніхто не пісаў ні слова. Таму што думалі, нейкі там пацан-выскачка, можна і без гэтага. А цяпер, калі ўлады пабачылі рэальную работу на акрузе, рэальную падтрымку насельніцтва, даводзіцца дзейнічаць такім спосабам. Таму што слабых кандыдатаў, а гэта зноў нам хочуць прызначыць слабога кандыдата, які за 4 гады нічога не зрабіў на сваёй акрузе, яго трэба неяк абяліць, а больш моцных кандыдатаў – трэба ачарніць.

Суседзі Ігара Банцара па дому, дзе ён жыве, лічаць, што на чалавека трэба глядзець па яго сучасных дзеяннях, а не па тых падзеях, што адбываліся больш чым 20 год таму.

– І прайшло дастаткова шмат часу, каб чалавек пасталеў, паразумнеў, выбраў сваю дарогу ў жыцці свядома. Таму я лічу, што нічога прынцыпова страшнага ў гэтай судзімасці няма. Не варта на яе звяртаць увагу. Варта прыгледзецца да гэтага чалавека. Сёння яго трэба ўспрымаць па цяперашніх справах, а не па ўчынках 20-ці гадовай даўніны. Насамрэч, гэты чалавек зрабіў значна больш для нашага раёна, для нашага жыцця, чым любая прыстойная цёценька, ці дзядзенька з бездакорнай рэпутацыяй.

Ігар Банцар адзін з тых гарадзенскіх кандыдатаў, які займаецца сацыяльнымі праблемамі гараджан, яго праграма была надрукаваная на ўсіх незалежных парталах і выклікала вялікае абмеркаванне ў пабліках гарадзенскіх карыстальнікаў сацыяльных сетак.

Беларускае Радыё Рацыя