Гародня: Уладзіміру Родчанку прысудзілі штраф за акцыю ля аблвыканкаму
25 базывых адзінак адміністрацыйнага штрафу прысудзіў гарадзенцу Уладзіміру Родчанку суддзя Ленінскага суда Гародні Мікалай Сяргейка.
Уладзімір – вядучы праграміст адной ІТ-фірмы, мае дзетак 5 і 7 гадоў. Пасля падзеяў, калі міліцыя беспрычынна чыніла ў паслявыбарчыя дні гвалт над мірнымі пратэстоўцамі, а пасля страшнага здарэння на вуліцы Перамогі з маленькай дзяўчынкай – ня мог заставацца абыякавым. Разам з яшчэ трыма гарадзенцамі ён выйшаў з плакатам і ў знак пратэсту ўстаў на калені ля ганку аблвыканкаму. Міліцыя не дала доўга чакаць. У выніку пабояў і затрымання, дзесяць дзён праляжаў у бальніцы.
На судзе быў праваабаронца Раман Юргель:
– Штраф мусіў быць 50 базавых ці суткі. А тут выходзіць, што суддзя такім чынам як бы нават і пашкадаваў гэтага Уладзіміра, які быў збіты, якому выклікалі хуткую дапамогу. Міліцыянты сказалі, што ў яго не было бачных пашкоджанняў, што быў здаровы. Але хуткая дапамога прыязджала, завезлі яго ў БХМД.
Пра абуральныя акалічнасці гэтага гучнага працэсу, кажа праваабаронца Раман Юргель:”Тэкст рапарта і сведчанні міліцыянтаў аднолькавы – што дзіўна. Перанос суда на такі позі час тлумачацца, відаць, імкненнем міліцыянтаў правесці справу ўціхую.” І, магчыма, 12-га кастрычніка заканчваўся тэрмін дзеяння адміністрацыйнага пратакола, які заставалася падаць у суд.
Уладзімір разам з адвакатам будзе абскарджваць прысуд Ленінскага раённага суда ў вышэйшай інстанцыі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня