Гародня: выстава і прэзентацыя кнігі-праекта “Дзядуля ў польскім мундуры”



Больш за 70 партрэтаў продкаў у польскім вайсковым мундуры 19-20 стагоддзя ўвайшло ў кнігу-праект “Дзядуля ў польскім мундуры”, прэзентацыя якой адбылася ў Гародні ў прысутнасці кіраўніцтва незалежнага Саюзу Палякаў і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса.

Пра праект распавядае яго суаўтар журналіст Анджэй Пісальнік:

– Хацелі мы зафіксаваць памяць аб нашых продках-вайскоўцах з 20 і нават з 19 стагоддзя. У рамках акцыі апісалі мы герояў, якія прычыніліся да здабыцця незалежнасці Польшчы.  Умовай акцыі было, каб продка згадаў яго нашчадак. Не абавязкова ў найпростай лініі. Кожны мог прыгадаць і аддаленых сваякоў, але важна было, каб гэта быў крэўны сваяк.

Праваслаўны святар, настаяцель гарадзенскага сабору пратайрэй Георгі Рой прадставіў у праекте гісторыю аднаго са сваіх продкаў.

– У гэтай кнізе змешчана гісторыя майго прадзеда – Уладзіміра Анціпарука, які, пасля вяртання сям’і з бежанства, у 1921 годзе быў прызваны да польскай арміі. Гэта быў невялікі эпізод у яго біяграфіі, але захавалася фатаграфія. І ў свой час, не для гэтай кнігі, а для ўласнай сямейнай гісторыі, склаў біяграфію гэтага прадзеда, апублікаваў яе ў сацыяльных сетках, і да мяне звярнуліся рэдактары з гэтага выдання з просьбай узяць гэтую гісторыю ў кнігу.

Апроч кнігі ў памяшканні незалежнага Саюза Палякаў была адчынена выстава, на якой на вялікіх планшэтах прадстаўлены героі кнігі “Дзядуля ў польскім мундуры” за сваімі гісторыямі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча