Гародня: Юлія Сліўко спрабуе стварыць суполку незалежнага прафсаюза



Гарадзенская актывістка Юлія Сліўко, якая ў жніўні была адной з кіраўнічак страйкаму на “Гроднапрамбуд”, спрабуе стварыць суполку незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве. Па словах актывісткі, многія будаўнікі баяцца ўваходзіць у гэтую суполку.

– Спрабую арганізаваць прафсаюзную групу ў незалежным прафсаюзе адмыслова для “Гроднапрамбуда”. Справа ідзе марудна. Людзі баяцца. Людзі напужаныя. Баяцца і таму, што ніколі не былі ў незалежным прафсаюзе, яны не ведаюць яго структуру. І плюс яшчэ тое, што калі яны пачнуць выходзіць з афіцыйнага прафсаюза на прадпрыемстве, у іх імкліва закончацца ва ўсіх кантракты. Таму з гэтым складана, людзі не могуць на гэта рашыцца. Але паціху я збіраю людзей.

Юлія Сліўко ўжо стамілася ад штодзённага цкавання праваахоўнікаў, якія выклікаюць актывістку ў РАУСы і ў Следчы камітэт, аднак дзяўчына не здаецца.

– Увесь час выклікаюць у РАУС. 14 кастрычніка ў 14.00 будзе суд за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу за 19 верасня, калі наш мэр дазволіў удзел, але забыў паведаміць, што ён рэзка змяніў сваё рашэнне. Вось за гэта будзе суд, дзе дакладна прысудзяць штраф. Невядома, праўда, які. Але гэта дакладна будзе. Выклікаюць таксама за ўдзел у нейкіх мітынгах, дзе я наогул не была. Тады мяне нават у горадзе не было. Але мяне ўсё адно цягаюць за гэтыя мітынгі.

Па словах Юліі Сліўко, праваахоўнікі таксама адмовіліся заводзіць справу па паклёпу ў адносінах да яе, калі ў інтэрнэце з’явіліся абразы ў адносінах да дзяўчыны і былі апублікаваныя яе прыватныя дадзеныя.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча