Гародня: Юлію Сліўко цкуе міліцыя
Старшыню страйкаму гарадзенскай будаўнічай фірмы «Гроднапрамбуд» Юлію Сліўко ў міліцыю выклікаюць штодня як на працу.
Пра штодзённае цкаванне праваахоўнікамі кажа Юлія Сліўко:
– Спачатку я хаджу па сваіх заявах, мяне выклікаюць, потым я хаджу па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгах. Сёння ўвогуле выклікалі з-за ўдзелу ў мітынгу шостага чысла, суботні жаночы марш, дзе мяне ўвогуле не было. Нават блізка ў гэтым раёне мяне не было. Мяне хацелі апытаць па той нагодзе, што з міліцыянта сарвалі маску. Я ўсё гэта бачыла толькі ў інтэрнэце.
Таксама Юлія Сліўко падала заявы ў міліцыю на тое, што інтэрнэце на яе былі абразы і паклёп:
– 23 і 25 жніўня былі напісаныя заявы пра тое, што мае персанальныя дадзеныя былі «злітыя» ў інтэрнэт, пра тое, што мне паступалі пагрозы. Цяпер быццам гэтым сталі займацца, быццам знайшлі чалавека, можа гэта яму прыпісваюць, каб кагосьці скрыць, не ведаю. Але справа ў тым, што цяпер размяжоўваюць справы на крымінальны працэс і адміністрацыйны.
Цягам апошняга месяца Юлію Сліўко таксама выклікалі ў Следчы камітэт ды іншыя праваахоўныя органы.
Дзяўчына лічыць падобныя выклікі персанальным ціскам і цкаваннем.
Беларускае Радыё Рацыя