Гародня: з-за кратаў пасля 10 содняў выйшаў музыка Ігар Банцар



Музыку і грамадскага актывіста Ігара Банцара затрымалі пасля акцыі 24 жніўня 2020 году і суд над ім быў у памяшканні РАУСа, куды не пусцілі нікога з яго сяброў і родных.

 

Пра сваё затрыманне і знаходжанне за кратамі распавядае сам актывіст:

– Затрыманне было вельмі пяшчотнае. Нас далікатна паклалі. Я ехаў на бронекамізэльках у бусе і думаў, тут так шмат бронекамізэлек, ці яны ляжаць на нейкай зброі. Таму было вельмі прыемна. Прывезлі, размовы вялі з намі прафілактычныя, казалі, што нельга так сябе паводзіць, крычаць і жадаць змены рэжыму, таму што ўсе тут добрыя. Я ім кажу: вам самім не падаецца, што павіны бандытаў лавіць.

На думку Ігара Банцара, суд у РАУСе быў зроблены адмыслова, каб яшчэ мацней націснуць на актывістаў.

– Я так разумею, што выязное пасяджэнне было зроблена толькі з той мэтай, каб не дапусціць людзей, таму што ў пастарунак міліцыі ніхто ж людзей не пусціць. А ў судзе пасяджэнне павінна быць свабоднае, вольнае для ўсіх. І прыйшлі б знаёмыя, сем’і, каб паглядзець на нас. Таму, я таксама лічу, што гэта такая пстрычка з боку гэтай сістэмы. Нават і гэтае нам не дазволілі, пабачыць сваіх знаёмых.

Знаходзячыся 10 содняў за кратамі ў гараденскім ІЧУ, Ігар Банцар трымаў галадоўку і схуднеў больш чым на 5 кілаграм.  

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча